ПРАМА́Я МО́ВА,
спосаб перадачы чужога выказвання, пры якім захоўваюцца ўсе яго лексічныя, граматычныя, стылістычныя і інтанацыйныя асаблівасці. Складаецца са слоў апавядальніка (аўтара) і чужога выказвання, якое перадаецца апавядальнікам ад імя пэўнага персанажа. Абедзве гэтыя часткі на пісьме выдзяляюцца графічна, у маўленні — інтанацыйна. Структурна-аргаганізац. цэнтр П.м. — пераважна дзеясловы і дзеепрыслоўі са значэннем маўлення і думкі або іх эквіваленты (назоўнікі і словазлучэнні з той жа семантыкай), якія знаходзяцца ў мове аўтара. Да іх бяззлучнікавым спосабам (інтанацыйна) далучаецца чужая мова. Аўтарскія словы займаюць свабоднае месца: могуць стаяць перад чужой мовай, за ёю або ў сярэдзіне яе (Яна сказала: «Я абавязкова заўтра да вас прыеду»; — «Я абавязкова заўтра да вас прыеду», — сказала яна; «Я абавязкова, — сказала яна, — заўтра да вас прыеду»), П.м. можна ўзнаўляць і выказванні самога аўтара. Для яе характэрна экспрэсіўнасць.
Літ.:
Граматыка беларускай мовы.
Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2
Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс.
І.І.Крамко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)